КАСМІ́ЧНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,

галіна экалогіі, якая вывучае ўздзеянне фактараў касм. прасторы на жывыя арганізмы, а таксама распрацоўвае метады біял. даследаванняў і сродкі забеспячэння жыццядзейнасці зямных арганізмаў ва ўмовах касм. палёту (экалогія штучных біял. сістэм). Адна з асн. задач К.э. — стварэнне біякомплексаў, ці замкнёных экалагічных сістэм з аўтатрофнымі і гетэратрофнымі арганізмамі, неабходнымі для працяглых касм. палётаў.

Першыя звесткі пра ўздзеянні ўмоў касм. палёту на жывыя арганізмы (першыя кароткачасовыя — 8—10 хвілін бязважкасці), атрыманы ў СССР і ЗША у 1940—50-я г. на ракетах, якія дасягнулі выш. 500 км. Сістэм. даследаванні пачаліся з 1957 (палёт сабакі Лайкі на 2-м штучным спадарожніку Зямлі). Вывучаліся непасрэдныя і аддаленыя вынікі ўздзеяння фактараў касм. палёту на расліны і жывёл, што дало магчымасць абгрунтаваць рэкамендацыі па медыка-біял. забеспячэнні працяглых пілатуемых касм. палётаў.

т. 8, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)